|
У сённяшняй супярэчлівай і хуткаплыннай рэчаіснасці, багата аздобленай новымі тэхналогіямі і чалавечым прагматызмам, інфантылізмам і жаданнем рабіць усё лягчэй і хутчэй, вельмі цяжка знайсці месца для нечага сапраўднага. Для харчавання без Е і кансервантаў, для музыкі на "вінілах" ці хоць бы СD-дысках, для кнігі. Не электроннай кнігі ці файла на "ай-подзе", а кнігі сапраўднай, якую можна ўзяць у рукі, з характэрным пахам свежай паліграфічнай фарбы кніжных старонак, з ілюстрацыямі і аўтографамі аўтараў. Тым больш не часта ў нас знаходзіцца час для таго, каб асэнсаваць тое, што прачыталі... Але заўжды ёсць людзі, для якіх кніга — частка жыцця, інтымны сябра і дарадчык. Хочацца, каб такіх людзей станавілася больш, але не буду ствараць ілюзій. Зрэшты, для лянівых сёння ёсць аўдыякнігі. Ёсць нават экранізацыі літаратурных твораў, якія, безумоўна, не параўнаць з арыгіналамі хоць бы таму, што слова перадаць сродкамі візуальнага мастацтва амаль немагчыма.
|